Фармаванне сучаснай беларуска-польскай мяжы ў дакументах і вусных успамінах. Перасяленне жыхароў памежных вёсак (1944-1950 гг.)
Alesia Sidlarevicz
Mapa
Праблема фармавання сучаснай беларуска-польскай мяжы адносіцца да ліку найменей даследаваных тэмаў у беларускай гістарыяграфіі. Толькі цягам апошняга дзесяцігоддзя беларускія гісторыкі звярнуліся да вывучэння гэтай праблемы. Доктар гістарычных навук Уладзімір Снапкоўскі асвяціў у сваіх працах міжнародна-палітычны аспект усталявання беларуска-польскай мяжы падчас Другой Сусветнай вайны . Берасцейскі даследчык Аляксандр Бодак першым звярнуў увагу на змены, унесеныя ў мяжу падчас дэмаркацыі, на карысць Польшчы, і заняўся вывучэнннем праблемы абмену насельніцтвам паміж Польшчай і БССР пасля Другой сусветнай вайны .
Значна больш увагі гэтай тэме прысвяцілі польскія навукоўцы. Варта ўзгадаць грунтоўныя працы В.Кавальскага “Polityka zagraniczna RP. 1944-1947” (Warszawa, 1971), “Wielka koalicja 1941-1945” (Warszawa, 1987), П.Эберхарда “Polska granica wshodnia (1939-1945)” (Warszawa, 1992), M.Расцішэўскага ”Polska granica wshodnia”( Warszawa, 1971).
Недастатковасць вывучэння пытанняў фармавання мяжы паміж БССР і Польшчай ў беларускай гістарыяграфіі можна патлумачыць іх сакрэтнасцю. Значная частка дакументаў захоўваліся ў архівах пад грыфам “сакрэтна” і была недаступная навукоўцам. Толькі напачатку 90-х гг.навукоўцы Беларусі атрымалі доступ да гэтых матэрыялаў. Тым не менш, нават сёння увесь комплекс дакумантаў па памежным пагадненням не даступны для даследавання.
У сваёй працы я карысталася матэрыяламі Дзяржаўнага архіва Гарадзенскай вобласці. А менавіта рассакрэчанымі дакументамі з фонда Гарадзенскага савета дэпутатаў працоўных і яго выканаўчага камітэта (ф.1171) А таксама матэрыяламі фондаў Бераставіцкага, Гарадзенскага, Сапоцкінскага і Свіслацкага райвыканкамаў ( ф.1109, 518, 1150 і 1163).
Апроч гэтага ў якасці крыніцаў я выкарыстала ў сваёй працы вусныя ўспаміны жыхароў памежных вёсак. Гісторыкі Беларусі рэдка прымяняюць успаміны людзей ў сваіх даследаваннях. А між іншым яны вартыя ўвагі. Вусныя ўспаміны, канешне, адлюстроўваюць суб’ектыўнае ўспрыманне людзьмі пэўных гістарычных падзеяў, ім уласціва эмацыйнасць, а часам і недакладнасць падаваемых звестак. Але разам з тым людская памяць захоўвае факты, незафіксаваныя у дакументах, і такім чынам дапаўняе іх. Частка ўспамінаў была сабраная ў ваколіцах Адэльска (Гарадзенскі раён) падчас экспедыцыі Лабараторыі праблем рэгіянальнай культуры ў жніўні 2001 г. Частка - ўзятая мной з артыкулаў беластоцкіх гісторыкаў Вячаслава Харужага і Гелены Казлоўскай . Гэтыя артыкулы былі напісаныя на падставе даследванняў, праведзеных сярод жыхароў вёсак у ваколіцах Крынак (Падляшскае ваяводства Польшчы).
Падпісанню канчатковага пагаднення адносна мяжы паміж Польшчай і СССР у жніўні 1945 г. папярэднічалі доўгія перамовы цягам Другой сусветнай вайны ўрада СССР з польскімі уладамі, а таксама абмеркаванне гэтага пытання на міжнародных канферэнцыях кіраўнікоў трох вялікіх дзяржаваў – ЗША, Вялікай Брытаніі і СССР.
Сярод палітычных сілаў Польшчы існавалі на той час дзве супралеглыя пазіцыі наконт усходняй мяжы дзяржавы. З аднаго боку Польская рабочая партыя, Саюз польскіх патрыётаў, што вызначаліся прасавецкай накіраванасцю, прызнавалі права этнічнай большасці беларусаў і украінцаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны на самавызначэнне. З другога боку лонданскі эмігранцкі ўрад выступаў за захаванне мяжы паміж СССР і Польшчай, вызначанай Рыжскай мірнай дамовай 1921 г.
Кіраўніцтва Савецкага Саюза на чале са Сталіным да Тэгеранскай канферэнцыі адзіна слушнай у якасці заходняй мяжы Савецкага Саюза прызнавала дэмаркацыйную лінію, што існавала ад 28 верасня 1939 г. да 22 чэрвеня 1941 г. Больш таго, Сталін сцвярджаў, што яна супадае з лініяй Керзана, якую ў якасці межавой лініі адстойвалі кіраўнікі ЗША і Вялікай Брытаніі .
Так званая “лінія Керзана” была распрацаваная адмысловай камісіяй па польскіх справах на Парыжскай мірнай канферэнцыі і зацверджаная Вярхоўнай Радай Антанты 8 снежня 1919 года. Падчас савецка-польскай вайны па даручэнню Вярхоўнай Рады Антанты Лойд Джордж выслаў савецкаму ўраду ноту, у якой кіраўніцтву СССР прапанавалася спыніць савецкія войскі ў адлегласці 50 кіламетраў на ўсход ад вызначанай лініі. Ноту падпісаў міністр замежных справаў Вялікай Брытаніі лорд Джордж Керзан. Ад імя лорда лінія і атрымала сваю назву. Яна пачыналася ў раёне вусця Чорнай Ганчы (недалёка ад злучэння Аўгустоўскага канала і Нёмана). Бегла рэчышчам Нёмана да Гародні, пакідаючы на польскім боку чыгуначную станцыю Ласосна. Далей – праз Ялоўку і Няміраў да ракі Буг. Мястэчкі Індура і Крынкі заставаліся на польскім боку, а амаль уся Белавежская пушча разам з Белавежай, Высокім і Вольчынам – на беларускім. Затым лінія Керзана ішла па Бугу паўз Брэст (заставаўся на Беларусі) на тэрыторыю Украіны . Лінія Керзана была распрацаваная без патрэбных даследаванняў і не мела пад сабой этнаграфічнай асновы. Падчас савецка-польскай вайны яна не адыграла ў міжнародных стасунках якой-небудзь значнай ролі і зноў выйшла на палітычныю арэну толькі ў Другую сусветную вайну. Тады лінія набыла лёсавызначальны сэнс у жыцці беларускага, польскага, летувіскага і ўкраінскага народаў.
На Тэгеранскай канферэнцыі (28 кастрычніка – 1 снежня 1943 г.) Чэрчыль і Рузвельт “вывелі Сталіна на чыстую воду”, прывёўшы неаспрэчныя доказы, што ён не мае рацыю ў вызначэнні лініі Керзана. Брытанская дэлегацыя паказала мапу, на якой была пазначаная розніца паміж лініяй Керзана, што пакідала Беласточчыну на польскім боку і межавой лініяй ад 28 верасня 1939 г., якая пакідала гэтую тэрыторыю ў складзе Беларусі. А прадстаўнікі ЗША сталі даводзіць Сталіну, што большасць насельніцтва Беласточчыны складаюць палякі. Сталін мусіў саступіць. У выніку аднагалосна кіраўнікі Вялікабрытаніі, СССР і ЗША выказаліся за тое, што ўсходняя мяжа Польшчы мусіць праходзіць уздоўж “сапраўднай” лініі Керзона. 11 студзеня 1944 г. ўрад СССР выдаў пастанову, у якой выказваў гатоўнасць унесці змены ў межы 1939 г. на карысць Польшчы ў раёнах з перавагай польскага насельніцтва. Мелася на ўвазе галоўным чынам Беласточчына.
Беларускае ж кіраўніцтва ва ўсіх гэтых перамовах іграла самую мінімальную ролю. У сакавіку 1944 г. Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета Нічыпар Наталевіч у сваім дакладзе на 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР адзначыў, што адпаведна заяве Савецкага ўрада ад 11 студзеня 1944 г. Польшчы не павінны адысці большасць раёнаў Беластоцкай вобласці. Ён звярнуўся да Вярхоўнага Савета БССР з просьбай разгледзець пытанне аб межах і папрасіў Савецкі ўрад пры вызначэнні мяжы паміж СССР і Польшчай улічыць законнае і справядлівае жаданне беларускага народа аб’яднаць усе спрадвечныя беларускія землі ў адзіную Беларускую савецкую дзяржаву. Але гэтыя просьбы не былі ўлічаныя ні савецкім кіраўніцтвам, якое валюнтарысцкі вырашала праблемы саюзных рэспублік, ні Вярхоўным Саветам БССР, які не адважваўся без згоды Масквы разглядаць пытанне аб змяненні мяжы Беларусі .
У сярэдзіне ліпеня 1944 г. савецкія войскі распачалі аперацыю па фарсіраванню Буга і ўступілі на землі Беласточчыны. У сувязі з наступленнем паўстала пытанне дакладнага вызначэння савецка-польскай мяжы. Ягонае абмяркаванне стала ключавым на перамовах у Маскве 24-26 ліпеня 1944 г. паміж урадам СССР і дэлегацыяй Польскага Камітэта Нацыянальнага Вызвалення (ПКНВ). Перамовы праходзілі досыць цяжка і напружана. Палякі вылучалі на пярэдні план пытанне аб перадачы Польшчы Белавежскай пушчы. “Пушча ёсць нашым Нацыянальным паркам, гістарычным месцам партызанскіх бітваў з царызмам у паўстаннях за незалежнасць Польшчы. Па-за тым Польшча мае вынішчаныя немцамі лясы, а таксама пушча з’яўляецца нашай сыравіннай базай для драўлянай вытворчасці Гайнаўкі”, - даводзіў Іосіфу Сталіну кіраўнік польскай дэлегацыі Эдвард Асубка-Мараўскі, абгрунтоўваючы неабходнасць перадачы польскай дзяржаве пушчы . Пасля настойлівых просьбаў сяброў польскай дэлегацыі Сталін згадзіўся перадаць Польшчы частку Белавежскай пушчы разам з Белавежай.
27 ліпеня Вячаслаў Молатаў і Э. Асубка-Мараўскі падпісалі пагадненне паміж урадам СССР і ПКНВ аб савецка-польскай мяжы. У яе аснову была пакладзеная лінія Керзона з адступленнямі на карысць Польшчы Беластоцкай вобласці і часткі Белавежскай пушчы. Гэта пагадненне мела падрыхтоўчы характар паколькі ПКНВ як законны ўрад Польшчы быў прызнаны толькі Савецкім Саюзам. Але Сталін не сумняваўся, што справа вызначэння савецка-польскай мяжы фактычна завершаная.
Таму пакуль ішлі гарачыя дэбаты ў Маскве, савецкія войскі на новазанятых землях Беласточчыны пачалі усталёўваць мяжу паміж Польшчай і БССР. Уздоўж мяжы была вызначаная 2-кіламетровая забароненая паласа. Для мясцовых жыхароў перасоўванне ў межах гэтай зоны стала магчымым толькі ўдзень і толькі з дакументамі, што падцвярджаюць іхняе месца жыхарства. Асобам з іншых мясцовасцяў уезд і пражыванне ў памежнай паласе дазваляліся выключна па пропускам, выдадзеным Народным Камісарыятам Унутраных Справаў (НКУС). Нават Гародня стала закрытым горадам для ўсіх, хто не з’яўляўся жыхаром вобласці ці не меў адпаведнага пропуску. Распачаць будоўлю ў памежнай паласе можна было пасля ўзгаднення з памежнымі войскамі НКУС, але Народны Камісар Унутраных Справаў Лаўрэнцій Берыя ў сваім загадзе ад 28 жніўня 1944 г. прадпісваў мясцоваму кіраўніцтву ўвогуле “устрымацца ад новага будаўніцтва”. Ахова навоўведзнай мяжы была настолькі пільнай, што нават плаванне і рыбалка ў паласе дазваляліся толькі ў светлы час сутак, а гадоўля паштовых голубаў і паляванне на 7-кіламетровай прымежнай тэрыторыі зусім забараняліся .
Вёскі Бераставіцкага раёна (зараз знаходзяцца ў ваколіцах Крынак), амаль на 100% заселеныя беларусамі праваслаўнага веравызнання, былі вызваленыя з-пад нямецкай акупацыі і занятыя савецкімі войскамі 19-22 ліпеня 1944г. Першапачаткова мяжу ўстанавілі па рацэ Свіслач, аднак ужо ў жнiўнi 1944 г. яе перанеслі на 1-3 км на захад і яшчэ пад час жнiва ў вёсках з’явiлiся савецкiя памежнiкi. Дзяржаўная мяжа, як сведчаць мясцовыя жыхары, на той час уяўляла сабой дзве выараныя пасярод поля разоры. Мяжа ішла на захад ды поўнач ад Юраўлян, пераходзіла ўсходняй ускраінай мястэчка Крынкі, перасякала вёску Лапічы, каля 200 метраў на ўсход ад Белагорцаў (гэта вёска была на польскім баку), далей праходзіла ў кіламетры на захад ад Вялікіх Азяран, блізу Лужан (на польскім боку), у ваколіцах Габят і ішла далей па рацэ Свіслач. Савецкія памежныя заставы былі размешчаныя ў Ярылаўцы, Юраўлянах, ваколіцах Вялікіх Азяран - гэтак званых Засценніках, Ямашах (праз год пераведзеная ў Лапічы). У кожнай з іх неслі службу 30-50 памежнікаў, паходжаннем ў асноўным з глыбі Расеі . ”Усе дарослыя жыхары за дакуманты мелі гэтак званыя справачкі. На благой якасці паперы , ад рукі было напісанае імя, прозвішча, год нараджэння ды месца пражывання. Сядзіба раёну знаходзілася ў Вялікай Бераставіцы”, - падае беластоцкі гісторык Вячаслаў Харужы .
Мяжа ніколі не ўспрымалася сур’ёзна мясцовымі жыхарамі. Людзі па звычцы наўпрасткі ішлі ў суседнюю вёску, якая цяпер знаходзілася ўжо ў іншай дзяржаве.
- Аднаго разу мы з бабай выбіралі бульбу каля лужан, а нашая кабыла пасвілася і перайшла граніцу. Пагранічнікі завялі мяне з кабылай на ярылаўскую заставу, сказалі мне нарубаць дроваў і чакаць на настаўніка, - сведчыць жыхар Ярылаўкі Віталь Казлоўскі (1930г. нар.). - Я чакаў, чакаў, а начальніка ні было. У канцэ абвязаў кабылу, забраўся і пайшоў бульбу далей выбіраць*.
Аднак такі пераход мяжы лічыўся грубым парушэннем і вінаватага , як узгадвае тагачасная жыхарка вёскі Коматаўцы Сафія Казлоўская (1931 г. Нар.), звычайна выклікалі “ў раён” ці арыштоўвалі:
- Варочаўса з Нямеччыны з прымусовых работаў мой брат Іван з ярылаўскім Панасом. Перайшлі граніцу каля Лужан і пагранічнікі іх арыштавалі… Пасадзілі яго ў Ваўкавыскую турму, дзе прасядзеў пару месяцаў .
І ўсё ж ніхто не ўважаў мяжу, усталяваную ў 1944 годзе за сур’ёзную. “Усё гэта лічылася тымчасовым” - так ацэньваюць тагачасную сітуацыю жыхары памежных вёсак.
Гэтымі простымі словамі вяскоўцаў можна абазначыць і тагачаснае стаўленне польскага эмігранцкага урада да новай савецка-польскай мяжы. Эмігранцкі ўрад лічыў незаконным пагадненне аб мяжы заключанае паміж ПКНВ і СССР і па-ранейшаму адмаўляўся прызнаць лінію Керзана ў якасці савецка-польскай мяжы. У жніўні і кастрычніку ў Маскве праходзілі перамовы паміж дэлегацыяй польскага эміграцыйнага урада на чале з прэм’ер-міністрам Станіславам Мікалайчакам і прадстаўнікамі СССР. Мікалайчык ўжо не стаяў на пазіцыях прызнання за ўсходнюю мяжу Польшчы дэмаркацыйнай лініі, усталяванай Рыжскай дамовай 1921 г. Спадзяваўся адстаяць хаця б Львоўшчыну. Аднак не здолеў гэтага дамагчыся. Не знайшоўшы надзейнай падтрымкі сваім пазіцыям ні ў Рузвельта, ні ў Чэрчыля, Мікалайчык зразумеў, што справа ягоная канчаткова прайграная і падаў у адстаўку.
Пра тое, што лёс Беласточчыны быў вырашаны, сведчыць той факт, што ўлетку-увосень 1944 г. ўсе кадравыя пытанні , што так дробязна разглядаліся ў партыйных ворганах, абсалютна не тычыліся раёнаў Беластоцкай вобласці, якія адыходзілі да Польшчы. Напачатку восені Беластоцкая вобласць была ўвогуле ліквідаваная. 20 верасня з яе рэшткаў ўтварылі Гарадзенскую вобласць. У яе ўвайшлі 6 раёнаў ад Беластоцкай, 8 – ад Баранавічскай і адзін – аб Берасцейскай вобласці .
Канчатковае прызнанне лініі Керзана ў якасці савецка-польскай мяжы на міжнародным узроўні адбылося на Крымскай канферэнцыі 4 - 11 лютага 1945 года. Сталін, Рузвельт і Чэрчыль дамовіліся, што ўсходняя мяжа Польшчы пройдзе ўздоўж лінні Керзона з адступленнямі ад яе ў некаторых раёнах на карысць Польшчы на 5-8 км.
Пасля Патсдамскай мірнай канферэнцыі (17 ліпеня – 12 жніўня 1945 г.), якая ўрэгулявала пытанне аб заходняй мяжы Польшчы, узнікла неабходнасць падвесці юрыдычную базу і пад яе усходнюю мяжу. 16 жніўня 1945 г. ў Маскве намеснік старшыні СНК СССР В.Молатаў і старшыня Часовага Урада Нацыянальнага Адзінства Польскай Рэспублікі, (створаны 28 чэрвеня 1945 г., у яго склад ўвайшоў таксама С.Мікалайчык) Э. Асубка-Мараўскі падпісалі дамову аб савецка-польскай мяжы.
Артыкул першы дамовы сцвярджаў:
“Паводле рашэння Крымскай канферэнцыі ўстанавіць дзяржаўную мяжу паміж Польскай Рэспублікай і СССР уздоўж лініі Керзона з адхіленнем ад яе на карысць Польшчы ў некаторых раёнах ад пяці да васьмі кіламетраў; паводле ўключанай мапы у маштабе 1:500 000 саступіць Польшчы дадаткова : ...
б) частку абшару Белавежскай пушчы на адлегласці Няміраў - Ялоўка, што ляжыць на ўсход ад лініі Керзана, разам з Няміравам, Гайнаўкай, Белавежай, з адхіленнем на карысць Польшчы не больш 17 кіламетраў. ”
Артыкул другі дамовы пакідаў на савецкім боку горад Гародню .
Як бачым, мяжа адхілялася ад лініі Керзона значна болей, чым на вызначаныя ўсімі папярэднімі міжнароднымі дамовамі 8 кіламетраў, як у бок Польшчы так і Беларусі. На ўчастку ад беларуска-літоўскай мяжы да мястэчка Крынкі новая мяжа пакідала на савецкім боку 22 км Аўгустоўскага канала (у тым ліку чатыры шлюзы), мястэчкі Сапоцкіна і Індура. Паміж Крынкамі і Баброўнікамі яна супадала з лініяй Керзана. А адтуль – да Нямірава мяжа адхілялася на усход ад лініі Керзана. У выніку чаго Польшча атрымала значны кавалак Белавежскай пушчы , даўжынёй 80 км і шырынёй у некаторых месцах да 17 кіламетраў.
Такім чынам, да Польшчы адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці разам з абласным цэтрам і тры раёны Берасцейскай (частка Белавежскай пушчы). Польскі бок перадаваў БССР пятнаццаць вёсак, населаных пераважна беларусамі. Новая беларуска-польская мяжа, вызначаная пад уплывам савецкага кіраўніцтва, адразала ад Беларусі тэрыторыю плошчай 14,3 тыс. км.кв. з насельніцтвам (паводле перапісу 1931 г.) каля 722 тыс. чалавек, а паводле перапісу 1946г. – каля 638 тыс. чал. Беласточчына, далучаная да Польшчы, уяўляла сабой тэрыторыю, роўную палове такіх еўрапейскіх краінаў як Албанія ці Бельгія.
Даследчыкі і мемуарысты выказваюць розныя меркаванні, чаму Сталін аддаў Польшчы Беласточчыну. Пётр Эберхард прыводзіць ліст Сталіна да Чэрчыля ад 4 лютага 1944 г., ў якім савецкі кіраўнік прызнаецца, што саступіў палякам Беласточчыну таму, што ўзамен атрымаў частку Усходняй Прусіі (Калінінградская вобласць) . Мікіта Хрушчоў пісаў у сваіх мемуарах, што да Польшчы “адышлі асобныя землі з чыста беларускім і ўкраінскім насельніцтвам”. Такі крок Хрушчоў тлумачыў імкненнем Сталіна “задобрыць” палякаў, аслабіць непрыемныя пачуцці, якія засталіся ў польскага народа ў выніку савецка-германскай дамовы ад 23 жніўня 1939 г. . На думку ж беларускага эмігранцкага гісторыка М.Волаціча савецкае кіраўніцтва ахвотна адавала сатэлітнай Польшчы Беласточчыну таму, што яе насяляла пераважна беларускае каталіцкае насельніцтва, да якога Масква ставілася варожа. Адпаведна дадзеным 1921 года, там пражывалі 61% каталікоў, каля 23% праваслаўных і 15% жыдоў . Другі прадстаўнік беларускага замежжа П.Урбан звяртае ўвагу на тое, што Паўночная частка Усходняй Прусіі магла стаць натуральным выхадам Беларусі да Балтыйскага мора. Тым не менш яна была далучаная да РСФСР у выглядзе штучнага анклава. Гэта пераконвала ў прарасійскай вялікадзяржаўнай сутнасці сталінскай палітыкі .
Дамова аб савецка-польскай мяжы была ратыфікаваная Краёвай Нацыянальнай Радай Польшчы 31 снежня 1945 г. і Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР 13 студзеня 1946 г. Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дамовы ажыццяўляліся без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў БССР. Яна не абмяркоўвалася ў вышэйшых ворганах дзяржаўнай улады БССР, УССР і Літоўскай ССР, чые нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы ён закранаў . Такім чынам дамова парушала палажэнні Канстытуцыі СССР і Канстытуцыі БССР, якія патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змененне яе межаў, супярэчыла міжнароднаму і дзяржаўнаму праву СССР.
Паводле пагаднення аб мяжы распачала працу Змешаная польска-савецкая дэмаркацыйная камісія з цэнтрам у Варшаве. Яна дзейнічала з 7 сакавіка 1946 да 27 красавіка 1947 года. Праз тры месяцы працы камісіі, у чэрвені 1946 года, падчас перанясення лініі мяжы з мапы дамовы маштабу 1:500 000 на працоўную мапу маштабу 1: 100 000, камісія высветліла, што межавая лінія па-просту пасярэдзіне перасякае шэраг населеных пунктаў. Акрамя гэтага і польскія, і савецкія памежныя войскі ахоўваюць мяжу не ўсюды дакладна па лініі пазначанай на мапе дамовы . Пры разглядзе гэтага пытання на паседжанні Змешанай дэмаркацыйнай камісіі ў Bаршаве савецкія прадстаўнікі далі згоду на “нязначныя” адхіленні ад лініі дамовы пры абыходзе населеных пунктаў, што разразаюцца мяжой.
У выніку “добразычлівасці” савецкай дэмаркацыйнай камісіі мяжа перасоўвалася на карысць Польшчы яшчэ на 100-3000 м. Польская тэрыторыя пашыралася з поўначы на поўдзень за кошт 27 населеных пунктаў Гарадзенскай вобласці (Свіслацкага, Бераставіцкага, Гарадзенскага і Сапоцкінскага раёнаў ). Жыхары іх у штодзённым жыцці карысталіся (і карыстаюцца) беларускай моваю. У “Лісце старшыні савецкай дэлегацыі па дэмаркацыі савецка-польскай мяжы А. Аляксандрава ад 13 чэрвеня 1946 года” паведамлялася, што на той момант у вёсках, якія адыходзілі да Польшчы пражывала 1300 сем’яў, галоўным чынам беларусы па нацыянальнасці. Пры тым у “Лісце” адзначаецца, што гэтыя дадзеныя няпоўныя. Да БССР адыходзіла 18 вёсак і хутароў, якія уключаліся ў Берасцейскую вобласць. Гэта прыкладна 500 гаспадарак зноў жа беларусаў .
Насельніцтва вызначаных для абмену паміж Беларуссю і Польшчай вёсак было пераважна каталіцкага альбо праваслаўнага веравызнання. Жыхары з вёсак Сапоцкінскага і Гарадзенскага раёнаў былі ў асноўным каталiкамі. А вёскі Бераставіцкага (Баброўнікі, Ярылаўка, Коматаўцы, Рудакі, Ласіняны, Вялікія Азяраны, Ямашы, Лапічы, Юраўляны, Грыбаўшчына,) і Свіслацкага раёнаў (Малая Ялоўка) былі населеныя пераважна ці выключна праваслаўнымі .
Жыхары вёсак, як з аднаго, так і з другога боку, закранутых зменай мяжы, да зацвярджэння дакумантаў дэмаркацыі ўрадамі СССР і Польшчы (планавалася на студзень 1947 г., але адбылося на тры месяцы пазней), маглі перасяліцца па ўласным жаданні на тэрыторыю СССР ці Польшчы. З савецкага боку выказвалася пажаданне не зацягваць высяленне і скончыць яго да 1 лістапада 1946 г., адразу пасля ўборкі ўраджая .
Перасяленне ажыццяўлялася паводле дамовы 9 верасня 1944 г. аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы ў БССР, а палякаў і жыдоў, якія мелі польскае грамадзянства да 1939, з Беларусі ў Польшчу.
Перасяленцы-беларусы вызваляліся ад натуральных паставак, уплаты грашовых падаткаў і абавязковага акладнога страхавання на два гады (1948-1949 гг.). За кошт перасяленцаў у Польшчу ім выдзяляліся зямельныя ўчасткі да 15 га і дамы. Апроч гэтага урад БССР выдаў шэраг адмысловых пастановаў па прадастаўленню ільготаў для перасяленцаў з памежных вёсак на новае месца жыхарства. Паводле іх перасяленцам выплочвалася грашовая дапамога ў памеры 5000 руб., давалася ссуда на 10 000 рублёў з тэрмінам выплаты 10 гадоў, , за 1 га пакінутага пасеву ім выдавалі чатыры цэнтнера збожжа .
Між тым вяскоўцы не выказвалі ахвоты высяляцца з рoдных хат і пераязджаць на тэрыторыю СССР. Дырэктар Ваяводскага аддзелу Дзяржаўнага Рэпатрыяцыйнага Ўпраўлення ў Беластоку Яўген Барэйка ў лісце ад 28 кастрычніка 1946г. да беластоцкага ваяводы паведамляе, што значная частка беларусаў, жыхароў памежжа, выказвае ахвоту застацца на тэрыторыях, якія адыходзяць да Польшчы. Таму ён прапануе прымусова выселіць беларускіх жыхароў за межы Польшчы і засяліць вызваленую мясцовасць рэпатрыянтамі польскай нацыянальнасці з СССР і такім чынам зліквідаваць “шкодныя” і “варожыя” стасункі на ўсходнім памежжы . У іншым лісце да ваяводы беластоцкага (14-га снежня 1946г.) той жа Барэйка пералічвае прычыны, паводле якіх ён настойвае на поўным высяленні беларускага “элементу” ад мяжы як мага далей.
“Па-за выключнымі выпадкамі беларусы варожа ставяцца да палякаў. Прыкладам гэтага ёсць петыцыя складзеная беларускім насельніцтвам непасрэдна да ўладаў СССР аб уключэнні некаторых гмін (Кляшчэлі, Белавежа) да Савецкага Саюзу, як таксама і ўтварэнне тайных арганізацыяў, што імкнуцца да адарвання памежных тэрыторыяў (вёска Апака Вялікая Кляшчэльскай гміны)…Другой падставай да высялення беларусаў з памежнай паласы і увядзення там новага польскага элементу ёсць ахова мяжы ад нелегальнага пераходу ”, - адзначае Барэйка ў сваім лісце .
У Гарадзенскай вобласці перасяленню ў глыб вобласці падлягалі 592 гаспадаркі, у тым ліку 513 гаспадарак - з Бераставіцкага раёна. Аднак на працягу ўсяго 1947 г. па Бераставіцкаму раёну перасялілася ўсяго 43 беларускія гаспадаркі.
"Астатнія беларусы, - дакладваў выканкам Бераставіцкага райсавета, - …адсяляцца не пагадзіліся, матывуючы гэта тым, што "мяжа з 1944 г. мянялася неаднаразова і можа яшчэ змяніцца, таму няма сэнсу пераязджаць са старога месца жыхарства". Некаторыя тлумачаць сваю адмову наступным чынам: "дзед мой жыў тут, бацька жыў тут, а ўлада змянялася неаднаразова надалей цяжка вызначыць, што нас чакае, таму застаемся на сваім месцы". Іншыя ж спасылаюцца на тое, што "цяпер і ў Польшчы ўлада становіцца дэмакратычнай і трэба меркаваць, у бліжэйшы час Польшча будзе аналагічнай Савецкаму Саюзу, а таму няма неабходнасці высяляцца" . Большасць беларусаў адчувалі прыхільнасць да свайго дому і не хацелі пакідаць абжытыя месцы.
Зусім інакш выглядала сітуацыя з беларускага боку мяжы. Палякі і каталікі-беларусы масава запісваліся на выезд у Польшчу. Па дадзеных на 20 сакавіка 1948 года ўсе жыхары вёсак Гарадзенскага і Сапоцкінскага раёнаў, што адыходзілі да Польшчы, пераязджалі са сваімі гаспадаркамі на яе тэрыторыю (250 “польскія” гаспадаркі і 4 “беларускія” па Сапоцкінскім раёне ды адпаведна 392 і 16 па Гарадзенскім) . За два перадваенныя гады жыхары гэтых вёсак зведалі і не вельмі ўпадабалі савецкі лад, што прадракаў ім прымусовую калектывізацыю і рэпрэсіі. Істотны ўплыў на іх рэшэнне аказала таксама агітацыя ксяндзоў. Яны сцвярджалі, што каталікі, якія не выедуць з СССР, будуць высланыя ў Сібір і на Урал.
Дэмаркацыя стварыла перашкоды і ў дзейнасці памежных гаспадарак. У Бераставіцкім раёне, напрыклад, мясцовы спіртзавод застаўся на тэрыторыі БССР, а прыпісаны да яго тарфянік адышоў да Польшчы .
Увядзенне новай межавой лініі пацягнула за сабой перамяшчэнне не толькі жыхароў населеных пунктаў, якімі абмяняліся Польшча і СССР, але таксама перанос вёсак з 800 мятровай межавой паласы на савецкім боку, дзе мусілі праводзіцца інжэнерна-будаўнічыя працы па ахове мяжы. А гэта ў сваю чаргу прынясло новыя праблемы жыхарам вёсак і мясцовым уладам БССР.
Так для перасяленцаў з 800-мятровай паласы Бераставіцкага раёна, паводле рашэння Гарадзенскага аблвыканкама, адводзілася 230 гаспадарак у 11 раёнах Гарадзенскай вобласці . Гэтага было відавочна мала, бо высяленню падлягала 275 гаспадарак. Аднак рэальныя магчымасці раённых уладаў не дазвалялі ім прыняць нават вызначаную ім колькасць жыхароў. Так, старшыня Поразаўскага райвыканкама паведамляе, што прыняць можа толькі 10 сем’яў, замест 25 вызначаных на яго раён, бо дамы сем’яў, што перасяліліся ў Польшчу, ужо прададзеныя , а тыя, што засталіся аддадзеныя пад хаты-чытальні, школы, ветпункты і г.д. Часам гаспадаркі, адведзеныя для перасяленцаў, былі занятыя вайсковымі часткамі .
Заснаванне новых пасяленняў для перасяленцаў таксама мела свае цяжкасці. У дакладной запісцы Бераставіцкай райкамісіі па адсяленню ад 2 чэрвеня 1947 г. адзначаецца, што перасяленне жыхароў вёсак з 800-мятровай паласы можа быць сарванае, бо “тэрмін нарыхтоўкі леса заканчваецца, а нарады на нарыхтоўку і вываз леса не атрыманыя, ...мясцовыя цагляныя заводы не ў стане забеспечыць цэглай на пабудову дамоў, ...грашовыя сродкі на аднаўленне дамоў і гаспадарчых збудаванняў да сённяшняга дня не атрыманыя , ...выбраныя ўчасткі пад загатоўку новых паселішчаў не маюць студняў, вада ў іх залягае на 20-25 метрах ад паверхні зямлі...” . Да таго ж з-за адсутнасці паблізу новых пасяленняў земляў дзяржфонда немагчыма было правесці поўную кампенсацыю земляў перасяленцам .
Тым не менш 19 студзеня 1948 г., паводле дадзеных ДАГВ, старшыням Гарадзенскага, Бераставіцкага і Свіслацкага райвыканкамаў прыйшоў загад з аблвыканкама "не дапускаць падрыхтоўкі да вясенняга пасева на старых месцах жыхарства" . Ішлі апошнія прыгатаванні да канчатковага пераносу мяжы.
4 мая 1948 г. памежныя войскі ў Сапоцкінскім і Гродзенскім раёнах выйшлі на лінію новай мяжы .
А сярод жыхароў вёсак Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў ішла актыўная падрыхтоўка да высялення. З пачатку вясны ў гэтых раёнах вялася агітацыя аб перасяленні “за рэчку Свіслач”, па якой 25 мая павінна была прайсці новая мяжа . Агітаваць да выезду, у вёску прыязджалі найчасцей людзі вядомыя вяскоўцам, якія раней жылі ў гэтай мясцовасці.
- Здзесь будет Польша, вы должны уезжаць в СССР, - узгадваюць мясцовыя жыхары агітацыю за выезд у Савецкі Саюз.
У некаторых вёсках, асабліва ў Баброўніках і Коматаўцах, прапанова гэтая сустрэлася з вялікім супрацівам.
- Дзесь у палавіне мая 1948 г. пачалі прысылаць да нас фурманкі і агітатараў, - узгадвае Пётр Шуста з Баброўнікаў(1924 г. нар.). - Не ўпушчалі іх у вёску. Калі ехалі машыны, мы ішлі на мост і стаялі з кіямі ці лягалі на зямлю пад машыны…Адзін раз мы усе ўперліса ў перад машыны. Кіроўца са злосці зарваў з маёй галавы шапку. Бяры, - кажу, - можа сваёй не імееш. Я ваяваў за родзіну і цяпер таксама ваюю за родзіну. Кіроўцы тады казалі, што на людзей не паедуць. А мы зналі, што як нас вывязуць, то не на добро. Дзесь у Калінінградскую вобласць ці што .
Гандзя Тамулевіч (1928 г. нар.):
- Зналі дзесь з марца ці кветня, што граніца будзя ісьці па рэчцы і што нас будуць высяляць. Алі ніхто не ведаў дакладня калі. Павесілі на дрэве пасярэдзіні шыну – зрабілі такі звон, калі што якое клікаць усіх людзей. Мы дзве нядзелі не спалі. Усё у нас ужэ адмералі, колькі у каго чаго. Гэта, каб ... нам даваць адпаведне...
Не заўсёды здольныя супраціўляцца прымусоваму перасяленню на месцах, сяляне вырашылі звярнуцца наўпрост да вышэйшага кіраўніцтва.
-Дзесь 20 мая мой бацько (Павал), Піліп Карпюк з Баброўнікаў і яшчэ хтось паехалі ў Мінск да ўраду даведацца, ці гэта мусово выязджаць, - распавядае Віталь Казлоўскі з Ярылаўкі. - Я баяўся, што бацько не ўспея вярнуцца пакуль граніцу закрыюць. Але ўспелі. У Мінску іх прынялі і сказалі, што ніякаго насільства ні можа быць - хто хоча, той выязджая, хто не хоча, астаецца .
Да таго ж падвечар 24 мая сярод адселеных беларусаў распаўсюдзідіся звесткі, атрыманыя верагодней за ўсё ад памежнікаў, пра тое, што выязджаць у глыб БССР дазволена па жаданню. Таму значная колькасць пераселеных вярнулася назад ў свае дамы, у прыватнасці жыхары вёсак Вялікія і Малыя Азяраны, і Ласіняны. 25 мая а 8-й гадзіне раніцы мяжа паміж Польшчай і Беларуссю ўстанавілася па рацэ Свіслач і была канчаткова закрытая. Нягледзечы на гэта, людзі працягвалі вяртацца ў свае хаты яшчэ на працягу трох дзён. Цікава, што памежнікі ім не перашкаджалі. У выніку з 225 гаспадарак, адселеных з Бераставіцкага рёна, на 31 мая засталіся ў Беларусі толькі 99. Пры гэтым грошы, выдзеленыя ім на адбудову (а гэта 5 000 рублёў на гаспадарку) яны не вярнулі .
З вёсак, населеных выключна праваслаўнымі (Бераставіцкага раёна), цалкам 25 мая 1945 г. была адселеная ў Беларусь толькі вёска Юраўляны (67 гаспадарак).
- Сілай мяне выправілі, я не падпісвала нічого ,- узгадвае Ганна Сакалоўская, 1914 г. нараджэння, жыхарка в.Вішняўка (ля мястэчка Адэльск), якая па вайне жыла ў Юраўлянах - У Юраўлянях мая хата бліжэй царквы стаяла, каля яе як раз граніца ішла. Каб мне яе вярнулі! У Вішняўцы мне зусім разбіту хату далі. Замяніла ў ёй падлогу, печ. Мяне не ўважалі тут, кацапкай называлі, бо праваслаўная (практычна ўсе жыхары Вішняўкі - каталікі – удакладненне аўт.) .
Ганну Сакалоўскую адразу “зрабілі” дэпутаткай Вішняўкі. БССР-аўскія ўлады, відавочна, разлічвалі на тое, што праваслаўныя беларусы з Беласточчыны, вядомыя сваім прыхільным стаўленнем “да саветаў” , у чужым, і нават варожым асяродку каталіцкіх вёсак будуць пільна сачыць за іх жыхарамі і надзейна служыць савецкай уладзе.
Па перанясенні мяжы ізноў паўстала праблема жыхароў памежных вёсак. У 800-мятровай зоне апынулася 2 504 га зямель, у тым ліку 874 га сенакосных. Гаспадарчая дзейнасць вяскоўцаў у памежнай паласе перашкаджала памежнікам ахоўваць мяжу і весці абарончыя інжэнерныя збудаванні. Старшыня Бераставіцкага райвыканкама хадайнічаў ў аблвыканкам, а той у сваю чаргу старшыні СМ БССР Панцеляймону Панамарэнку аб дазволе ўбіраць сена ў забароненай паласе. Панамэрэнка дазвол даў, але толькі па дамоўленасці з памежнымі войскамі .
Аднак спадзявацца на дамоўленасць з імі сялянам не прыходзілася. Вайскоўцы ігнаравалі патрэбы сялян. Дзеля таго, каб праводзіць неабходныя ім працы памежнікі папросту вынішчалі сялянскія пасевы: выкошвалі збожжа, травілі жыта.
У Свiслацкiм раёне былi выпадкi, калi памежнiкi выкарыстоўвалi мясцовых сялянаў на працах у падсобных вайсковых гаспадарках. Так Дудзенка Iван з вёскi Бурстаўшчына, які перавозiў будаўнiчы матэрыял на новае месца жыхарства, быў затрыманы старшынём памежнай заставы. Старшяня загадаў яму скiнуць дрэва i адправiў на ўборку сена для камендатуры .
Каб спыніць свавольствы вайскоўцаў 5 чэрвеня 1948 г.Савет Міністраў БССР даслаў начальнікам памежных атрадаў распараджэнне, якім забараняў весці інжынерныя збудаванні да ўборкі ўраджая .
Трэба адзначыць, што і самыя вяскоўцы не спяшаліся высяляцца са сваіх хат. Па звестках на 6 чэрвеня 1948 г. з 583 гаспадарак , якія належалі высяленню, з 800-мятровай паласы перасялілася толькі 291 сям’і. Астатнія - працягвалі весці гаспадарку на старых месцах жыхарства.
"Вёскі Галынка і Рудаўляне, Бераставіцкага раёна, асабліва ўпёрліся і не жадаюць адсяляцца, матывуючы тым, што “беларусам перасяленцам з-за дэмаркацыйнай лініі ў БССР выдавалі па 5000 рублёў бязвыплатна, а мы таксама беларусы, нам адпускаюць толькі крэдыт”, - гаворыцца ў дакладной запісцы Гарадзенскага аблвыканкама на імя намесніка CМ БССР К.Кіселёва ад 9 чэрвеня 1948 г.
У жніўні 1948 г. ТАСС абвясціла заканчэнне карэктыроўкі савецка-польскай мяжы. Аднак мясцовыя ўлады яшчэ паўтары гады ўдакладнялі якія канкрэтна населеныя пункты адышлі да Польшчы. Так у лютым 1949 г. Гарадзенскі аблвыканкам выдаў распараджэнне, паводле якога перадаваў Польшчы хутары Галынка, Перстунь, Баяры і Маркаўцы Сапоцкінскага раёна і Калонія Ізаака Гарадзенскага раёна. Праз год пасля супастаўлення з дэмаркацыйнымі мапамі і ўзгаднення з памежнымі войскамі 8 сакавіка 1950 г. было выдадзенае новае распараджэнне. Яно пакідала на тэрыторыі Беларусі ўсе населеныя пункты апроч Маркаўцаў, але перадавала суседняй дзяржаве вёску Дубніца Крупеўская, хутары Дубніца Малая, Бяляны і Кавалі Гарадзенскага раёна .
Апошняя кропка ва ўсёй гэтай блытаніне была пастаўленая толькі 8 ліпеня 1950 г. Савет Міністраў БССР выдаў пастанову паводле якой зацвярджаў перадачу Польшчы 30 населеных пунктаў Гарадзенскай вобласці: вёскі Багатыры Лясныя, Воўкуш, Ліпчаны, Рыгалаўка, Далічаны, Ракавічы і хутары Ліхасельцы, Салаеўшчына, Бортнікі, Маркаўцы (Сапоцкінскага раёна), вёскі Хварасцяны, Навадзель, Толчы, Шымакі, Клімаўка, Мінкаўцы і Новікі (Гродзенскага раёна), а таксама вёскі Баброўнікі, Ярылаўка, Коматаўцы, Рудакі, Ласіняны, Вялікія і Малыя Азяраны, Ямашы, Лапічы, Юраўляны, Грыбаўшчына, Уснар Горны (Бераставіцкага раёна) і вёска Малая Ялоўка (Свіслацкага раёна). Да БССР адыходзілі 12 вёсак і 4 хутары з тэрыторыі Польшчы. У Высокаўскі раён Брэсцкай вобласці ўключаліся вёскі Вулька, Токары, Пясчанка, Воўкаставец, Бабінка, Казімірава, Мартынюкі, Церахі, Хлявішча, Далбізна, Апака Малая, Альбус і хутары Габрыель, Лумянкі і Тоўшча; хутар Пастуховыя Балоты (Дзікі) уключаўся ў Камянецкі раён . Дубніца Крупеўская, Дубніца Малая і Бяляны засталіся на Беларусі. Некаторыя вёскі у выніку перанясення мяжы ўсё ж атрымаліся парэзанымі напалам. Жыхароў такіх вёсак ці дасялялі ў іншыя населеныя пункты, як напрыклад жыдоў з выселкі Калонія Ізаака, ці ўтваралі дзве вёскі з аднолькавымі назвамі – адну ў Беларусі, другую ў Польшчы. Так па абодва бакі мяжы на мапе ўзніклі дзве вёскі Токары, Навадзелі, Кавалі. Высяленне жыхароў вёсак з 800-мятровай паласы, якія не пераехалі самастойна, было праведзена прымусова.
У выніку дэмаркацыі, беларуска-польская мяжа набыла сучасную канфігурацыю. На адрэзку ад вёскі Рыгалаўка да мястэчка Крынкі яе правялі, як простую лінію, затым пусцілі рэчышчам ракі Свіслач аж да Ялоўкі (Польшча). Адтуль і да Каменюкоў (Беларусь) мяжа ўкліньваецца ў тэрыторыю Беларусі, адразаючы ад яе значны кавалак Белавежскай пушчы. Затым яна прымае выгляд дугі, выгнутай у бок Польшчы, і ад Нямірава ідзе па Бугу.
Новая мяжа па-жывому разрэзвала чалавечыя і гаспадарчыя сувязі, парывала традыцыйны побыт людзей, асабліва тых, што жылі ўздоўж рэкаў і ў Белавежскай пушчы. Але звароту назад не было. Беларусь стала закладніцай у палітыцы СССР. Кіраўнікі БССР не адважваліся рабіць самастойныя палітычныя крокі, а толькі зацвярджалі рашэнні, прынятыя ў Маскве. Без аніякіх зменаў мяжа захавалася да нашага часу.
1 Снапкоўскі У. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі: 1944-1953 гг. - Мн., 1997.- 205с.; Беларусь у геапалітыцы і дыпламатыцы перыяду Другой сусветнай вайны // Белоруский журнал международного права и международных отношений – 2000 - № 2 - 45-54 с. Снапкоўскі У. Міжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943-1945 гг // Беларускі гістарычны часопіс – 1994. - № 3. – 9-15 с.
2 Бодак А. Аб змяненнях заходняй мяжы Беларусі ў 1944-1955 гг . Кн.8. – Гародня – Беласток, 1999-2000. - 487-495 с.
3 Харужы В. Пад саветамі// Czasopis .- 2001. - № 4. - 17-21 с.; Казлоўская Г.Як пераносілі мяжу// Тамсама. - № 5.- 21-22 с.
4 Eberhard P. Polska Granica Wshodnia (1939-1945) .- Warszawa, 1992. - S. 110.
5 Тамсама. – S. 8-9; http://encyklopedia.pwn.pl/14366_1.html
6 Снапкоўскі У. Міжнародныя аспекты вызначэння... С. 11; Беларусь у геапалітыцы і дыпламатыцы... С. 51.
7 Albert A. Wshodnie Granice Polski// Zeszyty Historyczne. Zeszyt.53.-Paryz,1980. – S. 71.
8 ДАГВ, ф.1163, воп.2, спр. 2, арк. 2; ф.518, воп.1,спр.27, арк.27.
9 Харужы В. Пад саветамі...- С. 17.
10 Тамсама.
* Фрагменты вусных успамінаў друкуюцца з захаваннем асаблівасцяў мясцовай гаворкі
11 Казлоўская Г.Як пераносілі...-С. 21.
12 Бодак А. Аб змяненнях заходняй мяжы Беларусі... – С. 488-489.; Сборник законов и указов президиума Верховного Совета Белорусской ССР: В 3т. – Т.1. - Мн., 1974. – С. 274-275.
13 Eberhard P. Polska Granica Wshodnia... – S. 151; Umowa miedzy Rzeczpapospolita Polska і Zwiazkiem Socjalistycznych Republik Radzieckich o polsko-radzieckiej granice panstwowej. - http://www.maszprawo.pl/prawo/html/du194700350167.html
14 Eberhard P. Polska Granica Wshodnia... – S. 118.
15 Мемуары Никиты Сергеевича Хрущева// Вопросы истории. – 1990. - № 7. – С. 89.
16 Волаціч М. Лінія Керзона на фоне падзеяў і тэрытарыяльных зменаў у Усходняй Эўропе// Беларускі зборнік. Кн.3. – Мюнхен, 1955. –– С. 31; Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленне паміж сучаснай Польшчай і БССР// Беларускі зборнік . Кн.4 – Мюнхен, 1956. – С. 21-22.
17 Урбан П. Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка: Кароткі гістарычны нарыс// Беларускі зборнік. Кн.10 – Мюнхен, 1959 – С. 35; Снапкоўскі У. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі... – С. 87.
18 ДАГВ, ф.1171с, воп.1а, спр.38, арк. 37.
19 Białorusini i stosunki polsko-białoruskie na Białastoczyznie 1944-1956. - T.I: sierpien 1944-grudzień 1946. – Część 2: styczeń-grudzień 1946. - Białystok.,1998. - S. 173.
20 АГВ, ф.1171с, воп.1а, спр.38, арк. 37; ф. 1150, воп.1, спр. 5, арк. 4.
21 Тамсама, ф. 1109, воп. 1, 249, арк. 3; ф. 1171с, спр.167а, арк. 29-33: спр.209, арк.126.
22 Тамсама, арк. 37
23 Тамсама, спр. 69, арк. 150, 262, 272, 287.
24 Białorusini i stosunki polsko-białoruskie na Bialastoczyznie... - S. 173.
25 Tамсама, С. 197-199.
26 ДАГВ, ф.1171с, воп.1а, спр.69, арк.48.
27 Тамсама, арк. 16.
28 Бодак А. Аб змяненнях заходняй мяжы Беларусі... – С. 490.
29 ДАГВ, ф.1171с, воп.1а, спр.69, арк.105.
30 Taмсама.
31 ДАГВ, ф.1171с, воп.1а., спр.45, арк. 1.
32 Тамсама, спр. 53, арк. 15.
33 Тамсама, С. 72.
34 ДАГВ, ф.1171с, воп.1а, спр.69, арк. 1.
35 Тамсама, арк. 137.
36 Казлоўская Г. Як пераносілі мяжу...- С. 22.
37 Taмсама.
38 ДАГВ, ф.1171с, воп.1а, спр.69, арк.190.
39 Матэрыялы, сабраныя ў навукова-даследчай экспедыцыі ў ваколіцах Адэльска (Гарадзенскі раён) Лабараторыяй праблем рэгіянальнай культуры пры ГрДзУ.
40 Mironowicz E. Polityka narodowosciowa PRL. – Bialystok, 2000. – S. 41.
41 ДАГВ, ф.1171с, воп.1а, спр.69, арк. 188.
42 Тамсама, арк. 314.
43 Тамсама, арк. 268.
44 Тамсама, арк. 314.
45 Тасама, спр. 167, арк. 29,33; спр.209, арк.123, 125.
46 Сборник законов и указов президиума Верховного Совета Белорусской ССР: В 3т. – Т.1… – С. 28-19.
Alesia Sidlarevicz
|
|